
Сёмы Летнік Разнастайнасці — дэдлайн 3 ліпеня
18/06/2026
Праваабарончая ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць» (J4T) запрашае на Летнік Разнастайнасці! Ужо сёмы год мы арганізоўваем прастору, дзе можна лепш пазнаць сябе, пераасэнсаваць уласныя перакананні і стэрэатыпы, навучыцца па-новаму будаваць камунікацыю з іншымі людзьмі і супольнасцямі. Праз досвед, гульнявыя фарматы і сумесную працу мы даследуем тэмы разнастайнасці, інклюзіі, ксенафобіі і правоў чалавека.
Гэтым разам Летнік адбудзецца 13-17 жніўня 2026 года бліз Варшавы, Польшча.
Для каго Летнік?
Місія J4T – спрыяць культуры талерантнасці ды інклюзіі ў беларускім грамадстве праз медыя, культуру і камунікацыю. Таму на Летнік мы запрашаем тых, хто працуе ў галіне распаўсюду інфармацыі і стварэння культурных сэнсаў:
🎤 журналіст:аў і рэдактар:ак,
📱 блогер:аў і інфлюэнсер:ак,
🎙️ аўтара:к падкастаў і вядоўцаў шоў,
🖋️ пісьменніц і пісьменнікаў,
🎨 прадстаўні:ц культурнай і мастацкай сферы,
🏳️🌈 квір-актывістак і актывістаў.
Чым будзем займацца?
Нас чакаюць 4 насычаныя дні нефармальнай адукацыі, інтэрактыву і актыўнага ўдзелу. Аснова Летніка – навучанне праз досвед, перажыванне і гульнявыя фарматы.
На Летніку будзе магчымасць:
- паглыбіцца ў тэму правоў чалавека на базавым узроўні,
- даведацца больш пра тэмы ксенафобіі, талерантнасці, уплыву стэрэатыпаў, стану ўразлівых групаў у грамадстве,
- прыняць удзел у форум-тэатры і даследаваць сацыяльныя сітуацыі праз дзеянне і рэфлексію,
- пазнаёміцца са сваёй ксенафобіяй у межах адукацыйнага ларпу,
- навучыцца бачыць праявы стыгматызацыі і дыскрымінацыі ды даведацца, як пазбягаць іх у прафесійнай журналісцкай, пісьменніцкай ды актывісцкай дзейнасці.
Чаго мы чакаем ад удзельніц ды ўдзельнікаў?
- Наяўнасці досведу ў журналістыцы / распаўсюдзе інфармацыі / пісьменніцтве / мастацтве.
- Зацікаўленнасці тэмамі правоў чалавека, ксенафобіі і недыскрымінацыі.
- Удзелу ўва ўсіх мерапрыемствах на працягу Летніка і гатоўнасці працаваць у камандзе з іншымі.
- Гатоўнасці актыўна выкарыстоўваць набытыя веды і навыкі ў прафесійнай і актывісцкай дзейнасці.
Падача заявак
Колькасць месцаў абмежаваная. Для ўдзелу ў адборы запоўні гэтую форму да 3 ліпеня 2026 года ўключна.
Сярод іншага, у форме мы просім цябе пакінуць кантакты прадстаўні:ц беларускіх медыя і НДА, якія могуць цябе верыфікаваць.
- Удзел у школе бясплатны: J4T бярэ на сябе выдаткі па арганізацыі праграмы, па запрашэнні экспертак, па арганізацыі харчавання і пражывання на лакацыі.
- Мы зможам забяспечыць квіткамі на дарогу да Варшавы тых, каму гэта патрэбна.
- Адабраныя ўдзельні:цы бяруць на сябе выдаткі на страхоўку на тэрыторыі Польшчы падчас знаходжання на Летніку.
- Мы не забяспечваем візавую падтрымку.
- Мы чакаем поўнага ўключэння ў працоўныя працэсы Летніка. Памятай гэта пры запаўненні анкеты на ўдзел.
Пра вынікі адбору мы паведамім па пакінутых табой кантактах пасля 13 ліпеня.
Летнік Разнастайнасці – гэта таксама супольнасць. За сем гадоў сфармавалася сетка выпускні:ц, якія выкарыстоўваюць атрыманы досвед і веды ў сваёй прафесійнай дзейнасці, грамадскай працы і штодзённым жыцці. Удзельні:цы гэтага года таксама змогуць далучыцца да нашай інклюзіўнай супольнасці.
Калі ў цябе засталіся пытанні – пішы нам на event@j4t.info




