
J4T AWARDS 2026: адкрыты прыём заявак
02/11/2026
Праваабарончая ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць» (J4T) запрашае журналістаў і журналістак, а таксама рэдакцыі беларускіх СМІ ўзяць удзел у штогадовым конкурсе J4T AWARDS 2026.
Конкурс ладзіцца з мэтай павысіць прафесійныя навыкі працаўнікоў СМІ ў галіне роўнасці і недыскрымінацыі, паспрыяць развіццю сацыяльнай журналістыкі і павысіць пазітыўную бачнасць уразлівых групаў у Беларусі.
Матэрыял на тэматыку роўнасці і недыскрымінацыі
У намінацыі прымаюцца артыкулы, фотарэпартажы, відэаматэрыялы, падкасты і радыёперадачы, якія прасоўваюць ідэю роўнасці і недыскрымінацыі ўразлівых сацыяльных групаў. Матэрыялы павінны быць апублікаваныя з 1 лістапада 2025 да 31 кастрычніка 2026 года.
Адзін аўтар можа падаць не больш за тры працы. Для ўдзелу запоўніце анлайн-форму да 20 лістапада 2026 года ўключна.
Пераможцу вызначыць журы з рэдактарак і рэдактараў беларускіх СМІ. Першыя тры месцы атрымаюць ганаровыя граматы, а пераможца — адмысловы прыз: удзел у асветніцкай паездцы ў адну з краінаў Еўропы ў 2027 годзе.
Летась пераможцай стала Марына Міхайлава («Салідарнасць»), і ў 2026 годзе яна наведала Стакгольм Прайд. Раней прызам былі Еўрапрайды ў Осла, Салоніках і Бялградзе.
Рэдакцыя года
У намінацыі можна вылучыць рэдакцыю, якая ў 2026 годзе прасоўвала ідэі роўнасці і інклюзіі і распавядала пра праблемы ўразлівых групаў у Беларусі і краінах рэлакацыі.
Пераможцу выбіраюць прадстаўнікі НДА і незалежныя актывісты, якія працуюць з тэмай інклюзіі. Сёлета намінацыі збіраем праз Telegram-бот @j4t_awards_bot. Гэта зойме 3–4 хвіліны. Намінацыі прымаем да 20 лістапада 2026 года ўключна.
Асоба года
Адмысловая намінацыя J4T за ўнёсак у развіццё ініцыятыў і праваабарончага руху ў Беларусі. Лаўрэата ці лаўрэатку вызначае каманда «Журналістаў за талерантнасць». Летась Асобай года стала Аліса Сармант (TG House).
Вынікі J4T AWARDS 2026 абвесцім не пазней за 20 снежня 2026 года. Падрабязнасці — на старонцы конкурсу. Пытанні можна дасылаць на event@j4t.info




